Мы вымушаныя эканоміць на асвятленні

Наладзіць вулічнае асвятленне ў горадзе так, каб жыхары не адчувалі дыскамфорту – такая задача стаіць перад спецыялістамі “Камунальніка” да канца лістапада.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў галоўны інжынер “Камунальніка” Уладзімір Камяк.

Той факт, што ўвечары і ноччу на вуліцах гараць не ўсе ўстаноўленыя ліхтары, гараджане адзначаюць у размовах у аўтобусе і на форумах у Інтэрнэце. Маўляў, цемнавата і ці варта было да “Дажынак” мяняць апоры асвятлення, калі яны ўсё роўна не выкарыстоўваюцца.

У “Камунальніку” патлумачылі, што гэтая мера вымушаная – электраэнергію даводзіцца эканоміць.

“Вядома, хочацца, каб было светла, але мы не настолькі багатыя – даводзіцца эканоміць”, – сказаў Уладзімір Камяк. Ён патлумачыў, што асвятленне вуліц аплачваецца са сродкаў раённага бюджэту. Устаноўлены цяпер рэжым асвятлення дазваляе эканоміць да 40% электраэнергіі. І нават у такім, эканомным, рэжыме за кастрычнік за яго давялося заплаціць каля 150 мільёнаў рублёў. “А гэта ж яшчэ светлавы дзень не самы кароткі”, – адзначыў Уладзімір Камяк.

Самыя затратныя ў плане спажывання электраэнергіі месяцы – лістапад і снежань. Самы эканомны – чэрвень. Як і ў кожнага з нас дома, спажыванне электраэнергіі залежыць ад даўжыні дня.

Уладзімір Камяк адзначыў, што арганізацыя вулічнага асвятлення яшчэ не завершаная, гэтая тэма знаходзіцца на кантролі: “Мы працягваем займацца гэтай праблемай. Наша задача – наладзіць асвятленне да канца лістапада так, каб не адчувалася дыскамфорту. Прынамсі ўсе пешаходныя пераходы ўвечары і ноччу асвятляюцца, як таго патрабуюць правілы бяспекі”.

Па словах Уладзіміра Камяка, да “Дажынак” у Маладзечне зрабілі капітальны рамонт вулічнага асвятлення на 13 вуліцах: Вялікі Гасцінец, Янкі Купалы, Віленскай, Гарадоцкай, Валынца, Касманаўтаў, Прытыцкага, Буйніцкага, Машэрава, Канстанцыі Буйло, Багдана Хмяльніцкага, Льва Талстога, Будаўнікаў. Старая сістэма адслужыла каля 40 гадоў і, па словах галоўнага інжынера “Камунальніка”, тэхнічна састарэла – кабелі не вытрымлівалі нагрузку. Былі ўстаноўленыя новыя апоры, пракладзеныя новыя кабелі, энергазберагальныя свяцільні эканомяць да 50% энергіі ў параўнанні з ранейшымі.

Да “Дажынак” у Маладзечне зрабілі капітальны рамонт вулічнага асвятлення на 13 вуліцах.

 

 

Новая аўтаматычная сістэма кіравання асвятленнем дазваляе задаваць начны і вячэрні рэжымы, праграму ўключэння і адключэння ліхтароў.

Адносна скаргаў на неасветлены мікрараён “Усходні” Уладзімір Камяк адказаў: “Будаўніцтва мікрараёна яшчэ не завершанае. На баланс “Камунальніка” яго яшчэ не перадалі. Мы асвятляем яго па перыметры – больш пакуль што зрабіць немагчыма”.

Святлана ЦІШКО.

Фота Ігара МАРОЗА.

rh.by

No comments yet.

Оставить комментарий

|