Маладзечанцы знялі кіно “Каханне не каханне”

Удзельнікі тэатра “Метамарфозы” знялі фільм пра каханне. Яго прэм’ера адбудзецца на наступным тыдні. Жыхарам горада варта добра ўглядацца ў экран, там яны могуць убачыць сябе.

Мастацкае кіно “Каханне не каханне” здымалі сёлета, ад зімы да лета. Рэжысёр − мастацкі кіраўнік тэатра “Метамарфозы” Андрыян Барткевіч. Галоўныя ролі выконвалі акцёры гэтага тэатра Таццяна КлямяцічІгар ГардзейІрына Рудзько і Андрыян Барткевіч.

Кіно малабюджэтнае, здымалі яго за ўласныя сродкі − свае касцюмы, тэхніка. Дэкарацыямі сталі кватэры акцёраў і сам горад. Здымкі праводзілі ў шостым мікрараёне, у парку. Дарэчы, у фільме гледачы ўбачаць яшчэ нерэканструяваны да “Дажынак” парк, а ў асобных кадрах змогуць пашукаць сябе і здзівіцца, убачыўшы знаёмыя твары − рэжысёр часам здымаў грамадскія месцы і прахожых.

“Каханне не каханне” − поўнаметражная стужка, доўжыцца 1 гадзіну 17 хвілін. Мантаж фільма рабіў рэжысёр, які мае тры адукацыі − акцёра, рэжысёра драмы і рэжысёра кіно. Гукааператарам стаў Аляксандр Браілаў, які займае адпаведную пасаду ў Мінскім абласным драмтэатры. Там жа працуе і Андрыян Барткевіч, астатнія ж удзельнікі праекта − аматары. Напрыклад, Таццяна Клямячыц − медык, працуе ў паліклініцы, Ігар Гардзей – грузчык, а Ірына Рудзько сёлета заканчвае школу, хоча стаць журналістам.

− У гэты час, калі ўсе гавораць пра эканамічны крызіс, мы далі свой адказ, − гаворыць Андрыян Барткевіч. − Цяпер самае папулярнае слова “крызіс”, вось і мы знялі кіно пра крызіс, але сярэдняга ўзросту. Фільм пра каханне, пра магчымасць быць каханым і магчымасць адмовіцца ад кахання.

Гэта другі фільм удзельнікаў тэатра “Метамарфозы”. У 2007 годзе каманда Андрыяна Барткевіча зняла кіно “Гамлет NEW”. Тэатр таксама паставіў тры спектаклі ад пачатку свайго існавання ў 2006 годзе: “Гамлет NEW”, “Рамэа і Джульету” і “Вішнёвы сад”.

Сцэнарый рэжысёр складаў з навэлы Валянціна Распуціна “Рудольфіа” і п’есы Аляксея Гельмана “Лаўка” (Скамейка). Героі твораў сустракаюцца, і гісторыі пераплятаюцца, а што з гэтага атрымалася, паказвае кінастужка, знятая ў Маладзечне.

Зоя ХРУЦКАЯ.

rh.by

No comments yet.

Оставить комментарий

|